Антыб


Удзельнікі праектаў Вікімедыя

Article Images

Антыб (па-француску: Antibes, па-аксытанску: Antíbol) — курортны горад на Лазурным Беразе, дэпартамэнт Прыморскія Альпы, рэгіён Праванс-Альпы-Лазурны бераг, Францыя. Насельніцтва — 75 456 жыхароў (2013). Разьмешчаны на мысе Гаруп Міжземнага мора паміж Каннамі і Ніццай. У Антыбе найвялікшы (паводле сумарнага танажу) яхтавы порт на Лазурным Беразе. Пабудаваны ён у шасьцідзясятыя гады XX стагодзьдзя на месцы рымскай гавані. Насамрэч гэта не адзін, а цэлых пяць партоў — Вобан, Галіс, Крутон, Аліўет, Саліс. Разам з мысам Антыб (па-француску: Cap d'Antibes) і мястэчкам Жуан-ле-Пэн (па-француску: Juan-les-Pins) складае адзіную адміністрацыйную адзінку.

У VI стагодзьдзі да нашай эры грэцкія мараплаўцы выявілі ўтульную бухту і заснавалі на яе берагох горад Антыполіс (горад, разьмешчаны наадварот). Мелася на ўвазе — наадварот, праз бухту, ад Нікеі (Ніццы). Антыполіс быў заснаваны як калёнія Масаліі (цяперашні Марсэль). У часы Рымскай імпэрыі горад зьяўляўся важным пунктам на шляху з Рыму ў Галію. Ён доўгі час быў адзіным умацаваным горадам на ўзьбярэжжы ад Марсэлю да Італіі.

У II стагодзьдзі ў горадзе была заснаваная біскупская катэдра і ён стаў звацца Антыгуль, а з часам — Антыб. У Сярэднявеччы горад належыў Савоі, а з 1481 году — Францыі.

У Антыбе швартуюцца самыя выкшталцоныя яхты з тых, што падыходзяць да Лазурнага Берагу. Уладальнікі іх ня схільныя афішаваць сябе і сваю ўласнасьць.

У Антыбе існуе парфумэрная вытворчасьць. У горадзе захаваліся рэшткі рыбаперапрацоўчай прамысловасьці, але яна значна скарацілася за апошнія дзесяцігодзьдзі. У горадзе ёсьць чыгуначны вакзал.