Настаўніцкая газета
Удзельнікі праектаў Вікімедыя
Article ImagesНастаўніцкая газета — выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь.
«Настаўніцкая газета» | |
---|---|
Тып | галіновае выданне |
Заснавальнік | Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь |
Выдавец | Выдавецкі дом «Педагагічная прэса» |
Галоўны рэдактар | К.Э.Дубінская |
Заснавана | 1945 |
Мова | беларуская |
Аб’ём | 16 палос 2 разы на тыдзень |
Галоўны офіс | г. Мінск, Рэспубліка Беларусь |
ISSN | 1994-9146 |
Узнагароды | |
Вэб-сайт | nastgaz.by |
Заснавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдаецца рэдакцыйна-выдавецкай установай «Выдавецкі дом „Педагагічная прэса“».
Перыядычнасць выхаду і тыраж
Выходзіць з 20 снежня 1945 года ў Мінску на беларускай мове (да 1957 года — 1 раз, з 1958 года — 2 разы, з 1998 года — 3 разы на тыдзень). У ліпені 2022 года газета стала выходзіць 2 разы на тыдзень, што значна зменшыла агульны аб’ём выдання.
Рашэнне пра стварэнне «Настаўніцкай газеты» было прынята на бюро ЦК КП(б) Беларусі 4 верасня 1945 года.
Першы нумар выйшаў 20 снежня 1945 года. У 1945 годзе выйшла 2 нумары (№ 1 і № 2 за 1945 год), якія ў архівах бібліятэк Рэспублікі Беларусь не захаваліся. Экзэмпляр № 2 за 1945 год захаваўся ў фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі[ru] (Санкт-Пецярбург).
Рэдактарам быў прызначаны педагог па адукацыі, партызан-падпольшчык А. Крушынскі (да 1955 года). У наступныя гады галоўнымі рэдактарамі газеты былі М. Дастанка[ru] (1955—1968), І. Сіманоўскі (1968—1979), У. Кузьмянкоў (1979—1984, 1986—1987), А. Куліцкі (1985, 1987—2001), А. Гайдук (2001—2007), В. Кнышаў (2007—2009 (выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара), 2010 — верасень 2021 (галоўны рэдактар)).
Галоўнай праблемай, якую на пачатку свайго існавання вырашала «Настаўніцкая газета», было адраджэнне нацыянальнай школы. Станаўленне выдання адбывалася ва ўмовах пасляваеннага разбурэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навукі і культуры Беларусі. Перад грамадствам паўставала вострая неабходнасць аднаўлення народнай адукацыі: будаваліся і пераарганізоўваліся школы, паляпшаўся склад настаўніцкіх кадраў, вырашалася пытанне падрыхтоўкі высокапрафесійных выкладчыкаў. Разам з тым аднаўлялася і развівалася сярэднеспецыяльная адукацыя, а таксама вышэйшая школа. Развіццё школ, тэхнікумаў, вучылішч і ВНУ краіны пасля акупацыі было ўскладнена агульным знішчэннем падручнікаў, навуковых дапаможнікаў, метадычнай літаратуры для выкладчыкаў. Гэта выявіла неабходнасць стварыць адзіную платформу, якая б аб’ядноўвала перадавы досвед пасляваеннага часу. Такой метадычнай базай у 1945 годзе стала «Настаўніцкая газета». Аднымі з першым рубрык на той час сталі рубрыкі «Метадычная старонка» і «У дапамогу настаўніку». Рэдакцыя асвятляла разнастайныя праблемы, з выкарыстаннем даступных на той час сродкаў (рэйды па рэгіёнах, крытычныя матэрыялы, адкрытыя лісты і г. д.).
Першы тыраж выдання склаў 20 тысяч асобнікаў, а на пачатку 1950-х гадоў тыраж выдання складаў ужо 65 тысяч асобнікаў.
У складзе рэдакцыйнага калектыву 60 чалавек (станам на 2022 год).
Галоўны рэдактар — Кацярына Эдуардаўна Дубінская[1] (з верасня 2021 года).
Працуе сетка ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь.
Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні педагагічнай навукі і практыкі, аналізуе развіццё педагагічнай думкі ў Беларусі, інфармуе пра правядзенне рэформы агульнаадукацыйнай школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.
На працягу 2010-х гадоў газета мела шэраг штомесячных дадаткаў: «Партфоліа», «Абітурыент», «Сацыяльны ракурс», «Шосты дзень», «Псіхолаг у школе», «Адукацыя: дакументы і каментарыі» (выходзіў да верасня 2021 года), «Утульная хатка» (выходзіў да снежня 2021 года), «Рэй» (выходзіў да 2020 года), «Форум» (выходзіў да чэрвеня 2021 года), «Адукацыйная прастора Архівавана 1 жніўня 2015.». Да асаблівых дат і мерапрыемстваў выходзяць спецвыпускі.
Пасля прызначэння ў верасні 2021 года новага галоўнага рэдактара адбыліся значныя змены ў рэдакцыйнай палітыцы, накіраваныя на змяншэнне ў выданні рэгіянальнага кампанента, а таксама метадычнага складніка, якія ў значнай ступені фарміравалі чытацкую аўдыторыю. Тым жа часам адбылося павелічэнне колькасці матэрыялаў грамадска-палітычнай тэматыкі, у асноўным пазычаных у інфармацыйных агенцтвах.
- 2011 год — Пераможца VII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне»
- 2015 год — Пераможца XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне»[2]
З 2010 па 2015 гады праводзіўся конкурс юных вакалістаў «Звонкая раніца».
З 2011 года ажыццяўляецца праект інфармацыйнага супрацоўніцтва з рэгіёнамі і інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Будзем разам!»
Зноскі
- ↑ https://www.belta.by/president/view/lukashenko-soglasoval-naznachenija-v-minkulte-minenergo-i-mintruda-460642-2021/
- ↑ Гран-при конкурса "Золотая Литера" удостоены проекты газет "Советская Белоруссия" и "Край смалявіцкі" (руск.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (5 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2020. Праверана 17 сакавіка 2020.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 201. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- «Настаўніцкая газета» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 527. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.